Описание
Горад Паставы вядомы з 1409 г. як паселішча Пасаднік, пазней назва была замененая на сучасную, а паселішча атрымала статус мястэчка. У 1522 г. вядомы як прыватнае мястэчка Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ВКЛ. Належалі магнатам Дэспатам-Зяновічам. У 1522 г. ў Паставах быў пабудаваны драўляны касцёл Божай Маці (перабудаваны ў 1760, не збярогся). У часы Лівонскай вайны (1558—1583) кароль і вял.кн. Стэфан Баторый адпраўляў адсюль плыты з артылерыяй да Полацка. Паводле інвентара 1628, цэнтрам Паставаў была гандлёвая плошча (стаялі касцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў гандляроў і рамеснікаў). На вуліцах-дарогах, што вялі на Мядзел, Глыбокае і Друю, налічвалася 26 двароў. За ракой Мядзелка размяшчалася прадмесце Зарэчча, якое мела 17 двароў. Стаялі таксама 2 пасады па 8 і 9 двароў. Усяго ў Паставах было 66 двароў. За межамі мястэчка існаваў сядзібны комплекс. Каля 1640 г. на паўночны захад ад цэнтру Паставаў, на выспе, утворанай ракой Мядзелка і каналам, былі пабудаваны касцёл і кляштар францысканцаў (да нашага часу яны не захаваліся).
Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у Паставах засталося 5 двароў. Аднак ужо ў 1692 г. тут налічвалася 142 двары, 994 жыхары. У 1722м годзе Паставы перайшлі да Тызенгаўзаў. Па ініцыятыве Антонія Тызенгаўза ў Паставах былі пабудаваныя фабрыкі (папяровая — заснавана ў 1728, палатняная, паясоў), некалькі млыноў, гарбарня, архітэктурны комплекс з жылых дамоў, гандлёвых радоў і палаца. З Мядзела быў перавезены гродскі суд. У 1782—1785 гг. у Паставах дзейнічала тэатральная школа Тызенгаўза, перавезеная з Гродна. З 1791 г. Паставы з'яўляюцца горадам, цэнтрам Завілейскага павета. З 1793 г. — у складзе Расійскай імперыі, да 1796 года з'яўляліся цэнтрам павета, статус горада паніжаны да рангу мястэчка, з'яўляліся цэнтрам воласці Дзісненскага павета. У 1814—1853 гг. Паставы адыходзяць у валоданне К. Тызенгаўза. У 1-й пал. XIX ст. тут заснаваны арніталагічны музей і мастацкая галерэя, дзейнічалі папяровая фабрыка, 2 млыны, сукнавальня, налічвалася 111 двароў. У 1880 г. маёнтак Паставы пераходзіць ва уласнасць графіні Пшадзецкай. З 1897 г. — чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына—Пабраддзе.
З 1921 г. Паставы знаходзяцца ў складзе Польшчы, з'яўляючыся горадам, павятовым цэнтрам Віленскага ваяводства. У канцы 1920-х гг. тут працавалі 2 лесапільныя заводы (належалі Пергаменту і Зінгеру) і цагельня (належала Райхелям), паравы млын, бровар, пякарня і інш. З 1939 г. Паставы знаходзяцца ў складзе БССР, горад мае 3,4 тыс. жыхароў. З 1940 г. Паставы робяцца раённым цэнтрам Вілейскай вобласці. З 1944 г. — у складзе Маладзечанскай вобласці. У 1970 г. у Паставах налічвалася 15,1 тыс. жыхароў, у 2001 г. — 21,1 тыс. жыхароў, У 2010 г. - 19,8 тыс, у 2014 г. - 20,1 тыс жыхароў.(С)